Стартавала вакцынацыя супраць грыпу. Аднымі з першых прышчэпку зрабілі кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя
На базе Гомельскай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі правялі адзіны дзень вакцынацыі. Кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя і іх намеснікі зрабілі прышчэпкі ад грыпу і COVID-19.
– У паліклінікі ўжо паступіла бясплатная для насельніцтва вакцына супраць грыпу, таксама працягваецца вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі. Па жаданні дзве прышчэпкі можна зрабіць адначасова, ніякіх ускладненняў з-за гэтага не адбываецца, – адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Сяргей Белы. – У наяўнасці расійская інактываваная вакцына супраць грыпу. У бліжэйшы час чакаецца паступленне французскай («Ваксігрып Тэтра») і вытворчасці Нідэрландаў («Інфлювак Тэтра») – на платнай аснове. Сярод вакцын супраць COVID-19 – расійскія «Спутнік V» і «Спутнік Лайт», а таксама кітайская Vero Cell. Толькі за мінулы тыдзень прышчапіліся больш за тры тысячы чалавек, палова з іх медыцынскія работнікі. Калі бацькі дадуць згоду,дзяцей будуць вакцынаваць ад грыпу ва ўстановах адукацыі.
На асабістым прыкладзе кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя Гомеля і Гомельскага раёна паказалі, наколькі вакцынацыя актуальная. Прышчэпку ад грыпу зрабіў і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мікалай Кудзеньчук, ён вакцынуецца чацвёрты год запар. Мікалай Мікалаевічзгадаў, што прафілактыка заўсёды значна таннейшая, чым лячэнне.
– Нічога новага і прасцейшага не прыдумана.Вакцынаванне – асноўны метад прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, гэта зніжае рызыку з'яўлення захворвання, яго распаўсюджвання, колькасць ускладненняў і смяротных выпадкаў, – падкрэсліла галоўны ўрач абласной туберкулёзнай клінічнай бальніцы Наталля Жураўлёва. – У першыя дні пасля прышчэпкі не варта мачыць месца ўколу, займацца цяжкай фізічнай працай. У некаторых выпадках могуць узнікнуць нязначныя мясцовыя рэакцыі, напрыклад пачырваненне.
Пасля вакцынацыі на працягу двух тыдняў фарміруецца спецыфічны імунітэт. Арганізм ужо ў поўным узбраенні гатовы сустрэцца з інфекцыяй. Таму прышчэпачную кампанію і праводзяць у асенні перыяд, напярэдадні ўздыму захворвання на грып і ВРІ, каб арганізм паспеў выпрацаваць антыцелы.