Грамадства
Ключы ад кватэр у новым доме атрымалі работнікі Тураўскага малочнага камбіната
29.09.2023
Двухпад'езны шасціпавярховік размясціўся па вуліцы Ленінскай, 107, у Тураве. Ключы ад кватэр навасельцам уручыла кіраўніцтва прадпрыемства.
Будынак камбінат пабудаваў за ўласныя сродкі, у ім 34 кватэры з аздабленнем у светлых танах, прадугледжаны варыянты для маленькіх і вялікіх сямей. Памяшканні на верхнім паверсе плануюць выкарыстоўваць як гасцінічныя нумары для гасцей Тураўскага малочнага камбіната. На першым паверсе размесцяцца магазіны.
Для камфорту жыхароў ёсць усё неабходнае: зручная планіроўка, пакватэрнае ацяпленне, аўтамабільная паркоўка, дзіцячая пляцоўка. Сапраўдным упрыгожаннем дома стаў мурал, на ім намаляваны Кірыл Тураўскі. Ідэя стварэння належыць дырэктару прадпрыемства Вользе Луцко.
– У нашым калектыве ёсць і маладыя спецыялісты, і сем'і, якія ўтварыліся на камбінаце. Для нас важна забяспечыць не толькі камфортныя ўмовы працы для іх, але і дапамагчы ў жыллёвым пытанні. Спадзяемся, што нашы супрацоўнікі, якія сёння засяляюцца ў новы дом, рэалізуюць свае самыя смелыя планы, жаданні і мары, мы заўсёды гатовы ў гэтым дапамагчы, – павіншавала навасёлаў дырэктар Тураўскага малочнага камбіната Вольга Луцко.
Кватэру атрымалі Сяргей Стэмпкоўскі і Вольга Аскерка, яны пазнаёміліся на камбінаце больш за два гады таму, зусім хутка згуляюць вяселле:
– Аб сваёй кватэры нават не марылі. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да будаўніцтва, кіраўніцтву камбіната за магчымасць здабыць уласнае гняздзечка. Такая падтрымка дазваляе не думаць аб базавых патрэбах і засяродзіцца на важнейшых рэчах, якія прыносяць радасць: адносінах, самаразвіцці, працы.
На памяць аб наваселлі жыхары пасадзілі ў двары елку, ля якой плануюць сустракаць Новы год.