Настройкі
Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Драпіны на машыне ў пасёлку Юбілейны, перабоі з вадой у Шарпілаўцы, працяканне даху ў вёсцы Новікі – вынікі суботняй тэлефоннай лініі

05.06.2023
Да кіраўніка спраў аблвыканкама Алены Клічкоўскай за тры гадзіны датэлефанаваліся 16 жыхароў рэгіёна. Тэматыка агучаных пытанняў разнастайная, але пераважалі сацыяльныя праблемы.
Адным з першых патэлефанаваў жыхар пасёлка Юбілейны Гомельскага раёна Сяргей Аляксандравіч і выказаў сваю крыўду. На прыпаркаваным у двары аўтамабілі знайшоў драпіны. Сумнення, хто гэта зрабіў, у яго няма, прыводзіць пэўныя доказы – характэрныя сляды фарбы на сваёй і іншай машыне. Каб урэгуляваць сітуацыю па законе, ён адразу звярнуўся ў міліцыю для фіксацыі пашкоджанняў і ўстанаўлення вінаватага. Праваахоўныя органы адрэагавалі, але адмовілі ў прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, пры гэтым мужчына запэўнівае, што да яго ніхто не прыходзіў і не апытваў. «Крыўдна, што такая несправядлівасць, відаць жа, чые гэта драпіны, машыны побач стаялі», – абураны мужчына гатовы паказаць здымкі. Алена Уладзіміраўна падкрэсліла, што праваахоўнікі яшчэ раз вернуцца да разгляду пытання і абавязкова сустрэнуцца з заяўнікам.
Падставай для званка Ірыны Мікалаеўны з Калінкавічаў стала адсутнасць або слабы напор вады на пятым паверсе улетку па вечарах. Праблема звязана з паліваннем агародаў у прыватным сектары. Неаднаразова звярталася ў службу 115, да старшыні кааператыва, у мясцовы райвыканкам, але рэакцыі ніякай. Па словах Алены Клічкоўскай, праблема вырашальная. Як варыянт – устаноўка дадатковай помпы, але, так як дом кааператыўны, жыхары ставяць яго за ўласныя сродкі. Пытанне застаецца на кантролі.
Міхаіл Фёдаравіч з пасёлка Перамога заклікае да сумлення маладога аўтаўладальніка БМВ. У яго машыны настолькі моцны гук, што жыхары не могуць спакойна адпачываць з-за шуму, а зварот у міліцыю не даў жаданага выніку. «У нас на вуліцы шмат жыве дзяцей і пенсіянераў, гэта проста невыносна чуць такі трэск», – абураецца мужчына.
Званкі паступілі з вёскі Рудня Антонаўская Калінкавіцкага раёна. Вяскоўцы занепакоены агульным пытаннем: хочуць адмяніць адзіны аўтобус Калінкавічы – Гарбавічы. «Людзі едуць на працу, у краму, у шпіталь. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца з пытаннем, не крыўдзіце нас», – прасілі жанчыны. Па словах кіраўніка спраў, ёсць два шляхі рашэння: пакінуць гэты аўтобус або прадугледзець асобны маршрут.
Святлана Віктараўна з вёскі Шарпілаўка Гомельскага раёна агучыла агульную праблему вуліцы Цэнтральнай – перабоі з вадой. Раней жыхароў папярэджвалі, а цяпер хочуць – уключаюць, хочуць – выключаюць. Звароты ў розныя інстанцыі безвыніковыя. «Я не канфліктны чалавек, проста хачу вырашыць праблему. Няхай адключаюць ваду, але ў адзін і той жа час, мы будзем ведаць і падстроімся», – казала ў сэрцах жанчына. Кіраўнік спраў аблвыканкама ў гэтым пытанні катэгарычны: людзей трэба інфармаваць. «Не сумнявайцеся, мы возьмем ваша пытанне на кантроль», – рэзюмавала Алена Клічкоўская.
Вострая праблема і ў Вольгі Анатольеўны з вёскі Новікі Мазырскага раёна – не адзін год працякае дах у кватэры. У райжылкамгасе пра праблему ведаюць, жанчына атрымлівала страхоўку, але пытанне не вырашаецца працяглы перыяд. «Абавязкова будзем разбірацца, тэма сур'ёзная», – запэўніла Алена Клічкоўская.
Усхваляваная гамяльчанка аднаго з дамоў па вуліцы Ірынінскай расказала пра адключэнне вады. Жыхароў не апавясцілі, з самай раніцы людзі знаходзіліся без вады. Пытанне вырашылі аператыўна.
Кожнага, хто звярнуўся да Алены Клічкоўскай, уважліва выслухалі, кожны атрымаў неадкладны адказ, а тыя пытанні, якія патрабуюць дапамогі кампетэнтных службаў і ведамстваў, узяты на кантроль.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ