Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Культура
Культура

Прэм'еру рок-камедыі "Фанаткі" рыхтуюць у Гомельскім маладзёжным тэатры

26.02.2020

26 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры рыхтуюць прэм'еру рок-камедыі "Фанаткі" паводле п'есы Радзівона Бялецкага, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Алена Маставенка.
Спектакль у дзвюх дзеях "Фанаткі" - пра маладых, для маладых і іх бацькоў. Ён пра актуальную праблему - жаданне надзяваць на сябе адну за адной маскі, тым самым хаваючыся ад рэчаіснасці і ад сябе рэальнага. "У кожнага з нас сваё ўяўленне пра ідэал. Часам ідэал застаецца марай, а часам прымае цалкам чалавечы вобраз. І толькі ад цябе залежыць, у якой ступені ён можа ўплываць на тваё жыццё. Вось, бадай што, галоўны пасыл рок-камедыі", - адзначыла Алена Маставенка.
Пастаноўка стварае сюррэалістычны свет, які адлюстроўвае цалкам рэальнае фанатычна стаўленне людзей да сябе, блізкіх, грамадства. "Мы чакаем ад асяроддзя, што яно будзе адпавядаць нашым уяўленням пра яго, а калі гэтага не адбываецца, здараецца канфлікт: з людзьмі, светам, самім сабой", - дадала дырэктар.
Чаму і навошта чалавек стварае сабе куміра? Як заставацца самім сабой, сапраўдным, у грамадстве, дзе пастаянна трэба апраўдваць чаканні? Як захаваць шчырасць? З гэтымі пытаннямі сутыкнецца галоўная гераіня спектакля "Фанаткі". Шукаць адказы на іх трэба будзе і гледачам.
У творчай групе, якая працуе над пастаноўкай, - рэжысёр Данііл Філіповіч, мастак Настасся Мядзелец, ролі выканаюць Дзіяна Возчыкава, Валерыя Лагута, Ірына Чарняўская, Яраслаў Кубліцкі, Павел Салаўёў, Галіна Анчышкіна, Ліза Астрахава.
Прэм'ерныя паказы ў маладзёжным тэатры запланаваны на 6, 7, 8, 28 сакавіка.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ